Серж АЛІМІ. Няроўнасць супраць дэмакратыі і суверэнітэту

«Мы можам мець альбо дэмакратыю, альбо канцэнтрацыю багаццяў у руках некалькіх людзей, але нельга мець і тое і другое» (Луіс Брандэйс)

Некаторыя адкрыцці вяртаюць нас да таго, што мы ўжо і так ведалі. Ну і што з таго, што мы даведаліся, што палітычныя кіраўнікі могуць любіць грошы і мець цесныя стасункі з тымі, хто іх мае? З таго, што разам яны ўтвараюць свайго кшталту касту, якая ставіць сябе вышэй за законы? Што сістэма падаткаабкладання песціць найбагацейшых падаткаплацельшчыкаў? Што свабодны рух капіталаў дазваляе ім хаваць свае скарбы ў падаткавых выраях?

Выкрыццё індывідуальных парушэнняў павінна было б весці да перагляду самой сістэмы, якая іх нарадзіла. Але ў апошнія дзесяцігоддзі трансфармацыя свету адбывалася так хутка, што апярэдзіла нашу здольнасць аналізаваць яе. Падзенне Берлінскага мура, уздым групы БРЫКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), новыя тэхналогіі, фінансавыя крызісы, арабскія паўстанні, еўрапейскі заняпад: кожны раз, рознага кшталту эксперты адзін за адным абвяшчалі канец гісторыі ці нараджэнне новага сусветнага ладу.

Па-за гэтымі заўчаснымі пахаваннямі і няпэўнымі родамі вылучыліся тры вялікія, больш-менш універсальныя, тэндэнцыі, з якіх важна спачатку зрабіць высновы: узлёт сацыяльнай няроўнасці, разлажэнне палітычнай дэмакратыі і звужэнне нацыянальнага суверэнітэта. Як той фурункул на хворым целе, кожны «скандал» дазваляе нам убачыць, як элементы гэтага трыптыха з’яўляюцца паасобку, і нанізваюцца адзін на аднаго. Агульны фон можна было б коратка апісаць наступным чынам: залежачы ў першую чаргу ад арбітражу прывілеяванай эліты (той, якая інвестуе, спекулюе, наймае, звальняе, пазычае), урады пагаджаюцца на алігархічны ўхіл палітычных сістэм. Калі ж яны ўстаюць на дыбкі, не жадаючы адмаўляцца ад мандата, што ім даручыў народ, міжнародны ціск арганізаваных грошай прымае захады, каб зрынуць іх.

«Людзі нараджаюцца і застаюцца свабоднымі і Роўнымі ў правах. Сацыяльныя адрозненні могуць грунтавацца толькі на агульнай карысці». Першы артыкул «Дэкларацыі правоў Чалавека і грамадзяніна» ніколі – і гэта кожны ведае – строга не выконваўся. Ува ўсе часы адрозненні матываваліся не агульнай карысцю, а нечым іншым: месцам, дзе чалавек меў шчасце (ці няшчасце) нарадзіцца, становішчам бацькоў, доступам да адукацыі і медыцыны і г.д. Але цяжар гэтых адрозненняў калі-нікалі падаваўся меншым дзякуючы веры ў тое, што сацыяльная мабільнасць выправіць няроўнасць па нараджэнню. Паводле Алексіса дэ Таквіля, падобнае спадзяванне, больш распаўсюджанае ў Злучаных Штатах, чым на Старым Кантыненце, дапамагала амерыканцам мірыцца з большай, чым у іншых краінах, няроўнасцю даходаў. Дробны бухгалтар з Кліўленда і малады каліфарніец без дыплома маглі марыць, што іх талент і ўпартасць прапхнуць іх на месца, якое раней займалі Джон Ракфелер ці Сціў Джобс.

«Няроўнасць сама па сабе ніколі не была вялікай праблемай ў амерыканскай палітычнай культуры, якая настойвае на роўнасці шанцаў, а не на роўнасці вынікаў, — нагадвае кансерватыўны інтэлектуал Фрэнсіс Фукуяма. — Але сістэма застаецца легітымнай толькі калі людзі працягваюць верыць, што цяжка працуючы і імкнучыся рабіць як мага лепш, яны самі і іх дзеці маюць добрыя шанцы на поспех, а таксама калі яны маюць добрыя падставы верыць, што багатыя зрабіліся багатымі, выконваючы правілы гульніi». Выконваючы ролю заспакаення і абязбольвання, гэтая свецкая вера зараз знікае паўсюль у свеце. Калі ў Франсуа Аланда, за шэсць месяцаў да яго абрання прэзідэнтам Францыі, спыталіся наконт сродкаў «маральнага адраджэння», да якога ён заклікаў, ён узгадаў «французскую мару. Яна адпавядае рэспубліканскаму аповяду, які нам дазволіў рухацца наперад нягледзячы на войны, крызісы, раз’яднанні. Да апошніх гадоў у нас было перакананне, што нашы дзеці будуць жыць лепш за нас». Але кандыдат ад Сацыялістычнай партыі дадаў: «Гэтая вера развеялася па ветрыii».

Міф аб сацыяльнай мабільнасці саступае месца страху перад дэкласаваннем. У рабочага ўжо амаль не застаецца шанцаў зрабіцца ўладальнікам прадпрыемства, журналістам, банкірам, універсітэцкім прафесарам, палітычным кіраўніком. Элітарныя вышэйшыя школы сёння яшчэ больш закрытыя для простага народу, чым у часы, калі П’ер Бурдзье публікаваў сваю кнігу «Спадчыннікі» (фр. Les Héritiers), у 1964 годзе. Тое самае датычыцца найлепшых універсітэтаў свету, плата за навучанне ў якіх рэзка ўзраслаiii. Няздольная надалей плаціць за сваю вышэйшую адукацыю, адна маладая жанчына ў Маніле скончыла жыццё самагубствам. А два гады таму адзін амерыканскі студэнт тлумачыў: «Я павінен 75 000 долараў. У хуткім часе я буду няздольны рабіць тэрміновыя выплаты. Мой бацька быў маім гарантам, і ён будзе абавязаны вяртаць мой доўг. Ён таксама зробіцца банкрутам. Я збанкручу маю сям’ю, таму што захацеў узняцца над сваім класамiv». Ён жадаў ажыццявіць амерыканскую мару,«з лахманоў у багацце». З-за яго, ягоная сям’я пойдзе ў адваротным напрамку.

Сацыяльная паталогія

Калі «пераможца забірае ўсёv », няроўнасць размеркавання даходаў часам больш падобная да сацыяльнай паталогіі. Уладальніца гандлёвага гіганта Walmart, сям’я Уолтан трыццаць гадоў таму мела багацці, што ў 61 992 разоў перавышалі медыянны паказчык грашовай маёмасці амерыканскай сям’і. Але гэтага, здаецца, было недастаткова, бо сёння яны маюць у 1 157 827 разоў болей. Адны Уолтаны такім чынам назапасілі столькі ж, колькі 48 800 000 найбяднейшых сем’яў краіныvi. Радзіма Сільвіо Берлусконі трохі не дацягвае да амерыканскіх поспехаў, але ў мінулым годзе Банк Італіі абвесціў, што «дзесяць найбагацейшых сем’яў [мелі] столькі ж грошай, як тры мільёны найбяднейшых італьянцаўvii ».

А з некаторых часоў Кітай, Індыя, Расія і краіны Персідскага заліва таксама спрачаюцца за месцы ў клубе мільярдэраў. У сферы канцэнтрацыі даходаў і эксплуатацыі працоўных ім няма чаму вучыцца ў краін Захаду, якім яны, дарэчы, любяць даваць урокі дзікага лібералізмаviii. Індыйскія мільярдэры, якія ў 2003 годзе валодалі 1,8 % нацыянальнага багацця, прыхапілі 22 % пяцю гадамі пазнейix. Вядома, за той час іх і саміх стала трошкі болей, але 22% для групы колькасцю ў шэсцьдзесят адзін чалавек, ці не зашмат гэта ў краіне з мільярдам насельнікаў? Мукеш Амбані (Mukesh Ambani), найбагацейшы чалавек краіны, магчыма задае сабе тое самае пытанне з гасцінай свайго шыкоўнага дваццацісяміпавярховага дома, што ўзвышаецца над Бамбеем – горадам, больш за палову насельніцтва якога дагэтуль жыве ў трушчобах.

Дайшло да таго, што нават Міжнародны валютны фонд (МВФ) пачынае турбавацца… Доўгі час заяўляўшы, што «дысперсія даходаў» з’яўляецца фактарам самаўдасканалення, эфектыўнасці, дынамізма, зараз ён назірае, што 93% ад паскарэння эканамічнага роста ў Злучаных Штатах у першы год пасля яго ўзнаўлення, пайшло на карысць 1% найбагацейшых амерыканцаў. Нават на погляд МВФ гэта ўжо занадта. Бо, нават адкінуўшы ў бок усялякія маральныя разважанні, як забяспечыць развіццё краіны, чый рост ўсё больш ідзе на карысць вузкай групе, якая больш нічога не купляе, бо ўсё мае? І якая, адпаведна, толькі назапашвае скарбы ці спекулюе, стымулюючы тым самым яшчэ больш ужо і без таго паразітычную фінансавую эканоміку. Такім чынам, два гады таму адно з даследаванняў МВФ склала зброю: яно прызнала, што спрыянне росту і скарачэнне няроўнасці ўяўляюць сабой «два бакі адной і той жа рэчы»x ». Дарэчы, эканамісты назіраюць, што прамысловыя сектары, што залежаць ад спажывання сярэдніх класаў пачынаюць адчуваць недахоп у рынках збыту ў свеце, дзе глабальны попыт, нават калі яго не душыць палітыка жорсткай эканоміі, аддае перавагу таварам класу «люкс» і нізкапробнай прадукцыі.

На думку адвакатаў глабалізацыі, рост сацыяльнай няроўнасці паходзіць найперш з прагрэсу тэхналогій, настолькі хуткага , што ён б’е па найменш адукаваных, найменш мабільных, найменш гнуткіх і найменш спрытных жыхарах. Адсюль быццам бы відавочнае рашэнне для гэтай праблемы: адукацыя і падрыхтоўка (адстаючых). У лютым штотыднёвік міжнародных «эліт»The Economist наступным чынам рэзюмаваў гэтую легітымісцкую казку, у якой палітыка і карупцыя не існуюць: «1% найбольш багатых рэзка павысілі свае даходы па прычыне свайго кшталту прэміі, якую глабалізаваная эканоміка дорыць разумным людзям. Арыстакратыя, якая раней прысвячала свае грошы“віну, жанчынам і музыцыбыла заменена элітай, адукаванай ў бізнес-школах, чые чальцы жэняцца паміж сабой і з розумам трацяць свае грошы, аплочваючы сваім дзецям курсы кітайскай мовы і падпіску на The Economistxi

Цвярозасць, цнатлівасць і мудрасць кемлівых бацькоў, што выхоўваюць сваіх атожылкаў праз чытанне (аднаго) часопіса, які зробіць іх лепшымі, быццам бы тлумачыць іх хуткае ўзбагачэнне. Але не забараняецца высоўваць і іншыя гіпотэзы. Напрыклад, наступную: капітал, што абкладаецца падаткам менш за працу, выдаткоўвае на ўзмацненне сваіх палітычных хаўруснікаў частку прыбытку, які ён атрымоўвае ў выніку рашэнняў, што былі прынятыя на яго карысць: прыхільная падаткавая сістэма, выратаванне буйных банкаў, што ўзялі ў закладнікі дробных укладчыкаў, насельніцтва, з якога выціскаюць апошнія сокі дзеля вяртання даўгоў крэдыторам, дзяржаўны доўг, які з’яўляецца для багатых дадатковым аб’ектам укладання грошай (і інструментам ціску)Яго палітычныя сувязі гарантуюць капіталу, што ён і надалей будзе абкладацца менш за працу. У 2009 годзе шэсць з чатырохсот найбагацейшых амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў не плацілі ніякага падатку; дваццаць сем заплацілі менш за 10%; і аніводзін з іх не заплаціў больш за 35%…

«Неабходны ўзровень апатыі і няўдзелу»

Карацей кажучы, багатыя выкарыстоўваюць сваё багацце, каб павялічваць свой уплыў, а потым свой уплыў, каб павялічваць сваё багацце. «З цягам часу, — рэзюмуе Фукуяма, эліты робяцца здольнымі абараняць свае пазіцыі, маніпулюючы палітычнай сістэмай, размяшчаючы свае грошы за мяжой, каб пазбегнуць падаткаабкладання, перадаючы гэтыя перавагі сваім дзецям дзякуючы прывілеяванаму доступу да элітарных устаноўxii». Адсюль няцяжка здагадацца, што магчымым сродкам супраць усяго гэтага павінна быць нешта большае за якісьці кастытуцыйны макіяж…

Глабалізаваная эканоміка, дзе «пераможца забірае ўсё»; нацыянальныя прафсаюзы ў стане разгрома; аблегчанае падаткаабкладанне для самых «цяжкіх» даходаў – машына няроўнасці перарабляе на свой лад суцэльную планету. Шэсцьдзесят тры тысячы чалавек (з якіх васямнаццаць тысяч жыве ў Азіі, сямнаццаць тысяч – у ЗША і чатырнаццаць тысяч – у Еўропе), што валодаюць скарбам у больш за 100 мільёнаў долараў кожны, у суме маюць 39 900 мільярдаў долараўxiii. Калі прымусіць багатых плаціць, гэта мела б цяпер ужо не толькі сімвалічную вартасць.

Эканамічная палітыка ў інтарэсах меншасці аднак амаль ніколі не парушала дэмакратычныя формы ўрада большасці. Апрыёры, тут мы маем парадокс. Адзін з найславуцейшых суддзяў у гісторыі амерыканскага Вышэйшага суду, Луіс Брандэйс (Louis Brandeis) казаў на гэты конт, што «мы павінны выбіраць. Мы можам мець альбо дэмакратыю, альбо канцэнтрацыю багаццяў у руках некалькіх людзей, але мы не можам мець і тое і другое». Сапраўдная дэмакратыя не зводзіцца да выканання фармальнасцяў (выбарчы плюралізм, ізаляваная кабінка, скрыня). Яна патрабуе чагосьці большага, чым скоранага ўдзелу ў галасаванні, якое нічога не зменіць, а менавіта інтэнсіўнасці, народнай адукацыі, палітычнай культуры, права патрабаваць справаздачы, адклікаць абраннікаў, якія не выконваюць свой мандат. Невыпадкова ў 1975 годзе, у час бурлівага палітычнага жыцця, калектыўнага аптымізма, міжнароднай салідарнасці, сацыяльных утопій, кансерватыўны інтэлектуал Сэмюэл Хантынгтан выказваў сваю занепакоенасць. У адным вядомым дакладзе, апублікаваным Трохбаковай камісіяй, ён меркаваў, што «эфектыўная дзейнасць дэмакратычнай сістэмы звычайна патрабуе нейкага ўзроўню апатыі і няўдзелу з боку некаторых індывідаў і групxiv».

Місія выкананаТрохбаковая камісія, дарэчы, нядаўна адсвяткавала сваё саракагоддзе, пашырыўшы кола сваіх гасцей да былых еўрапейскіх міністраў-сацыялістаў (Пітэра Мандэльсана, Элізабет Гігу, Дэвіда Мілібэнда), а таксама да кітайскіх і індыйскіх удзельнікаў. Ёй няма чаго чырванець за пройдзены шлях. У 2011 годзе двое з яе чальцоў, Марыо Монці і Лукас Пападэмас, абодва былыя банкіры, былі прасунутыя тройкай нікім не абраных інстанцый – МВФ, Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім цэнтрабанкам (ЕЦБ) – на пасады кіраўнікоў італьянскага і грэчаскага ўрадаў. Але здараецца, што народы, чый «узровень апатыі» застаецца недастатковым, трошкі супраціўляюцца. Гэтак, калі Монці паспрабаваў канвертаваць цэнзітарны выбар «тройкі» ў абранне на ўсеагульных выбарах, ён пацярпеў гучную паразу. Французскага філосафа Люка Феры (Luc Ferry) гэта засмуціла. «Што мяне засмучае, бо я дэмакрат у душы, дык гэта тое пастаянства, з якім народ, у часы крызіса, заўсёды выбірае калі не найгоршых, дык па меншай меры тых, хто найбольш спрытна і шырока хавае ад яго праўдуxv».

Каб засцерагчы сябе ад падобных расчараванняў, самае простае – гэта зусім не ўлічваць вердыкт выбаршчыкаў. Еўрапейскі саюз, які дае ўрокі дэмакратыі ўсёй планеце, зрабіў з гэтага адмаўлення сваю характэрную асаблівасць. І не выпадкова. Бо вось ужо трыццаць гадоў ультралібералы, што кіруюць ідэалагічным балем у Злучаных Штатах і на Старым Кантыненце, натхняюцца «тэорыяй грамадскага выбару» эканаміста Джэймса Б’юкенена (James Buchanan).Фундаментальна недаверліва ставячыся да дэмакратыі, тыраніі большасці, гэтая інтэлектуальная школа пастулюе, што палітычныя кіраўнікі схільныя ахвяраваць агульнай карысцю – неаддзельнай ад ініцыятываў кіраўнікоў прадпрыемстваў – дзеля задавальнення сваёй кліентуры і забеспячэння свайго перавыбрання. А таму суверэнітэт такіх безадказных людзей павінен жорстка абмяжоўвацца. Менавіта ў гэтым роля механізмаў прымусу, якія натхняюць сёння еўрапейскую інтэграцыю (незалежнасць цэнтрабанкаў, правіла 3% бюджэтнага дэфіцыту, пакт стабільнасці) ці, у Злучаных Штатах, аўтаматычную ампутацыю дзяржаўных выдаткаў («бюджэтны секвестр»).

З чаго тады лібералам баяцца дзяржаўных кіраўнікоў? Бо эканамічныя і сацыяльныя рэформы, што апошнія праводзяць, заўсёды супадаюць з патрабаваннямі бізнес-колаў, фінансавых рынкаў. На вяршыні дзяржаўнай піраміды, гэтая канвергенцыя, дарэчы, узмацняецца экстравагантнай звышрэпрэзентаванасцю найбольш заможных сацыяльных катэгорый і лёгкасцю, з якой апошнія пераходзяць з дзяржаўнага сектара ў прыватны. Калі ў такой краіне як Кітай, дзе сярэдні гадавы даход ледзь перавышае 2 500 долараў, парламент налічвае 83 мільярдэры, зразумела, што багатым кітайцам не бракуе добрых адвакатаў на вяршыні ўлады. Па меншай меры тут амерыканская мадэль знайшла свайго гаспадара, нават калі за адсутнасцю выбараў Пекін яшчэ не дорыць пасады паслоў у найбольш папулярных амбасадах самым шчодрым спонсарам выбарчай кампаніі прэзідэнта-пераможцы, як гэта робіць Вашынгтон.

Змовы – і канфлікты інтарэсаў – паміж дзяржаўнымі кіраўнікамі і мільярдэрамі цяпер ужо не зважаюць на межы. Нікаля Сарказі, што, калі засядаў у Елісейскім палацы, падараваў некаторыя прывілеі Катару, сярод якіх фіскальнае пагадненне, якое вызваляе эмірат ад падатку на прырост капітала ад нерухомай маёмасці, цяпер збіраецца заняцца спекулятыўнымі фінансамі пры падтрымцы Дохі.«Той факт, што ён былы прэзідэнт, не азначае, што ён павінен зрабіцца манахам-трапістам», — выказаўся ў абарону Сарказі яго былы міністр унутраных спраў Клод Геан (Claude Guéant)xvi. Абяцанне беднасці таксама не распаўсюджваецца і на былых прэм’ераў Энтані Блэра, Жан-Люка Дэханэ і Джуліяна Амата: брытанец з’яўляецца дарадцам JP Morgan, бельгіец –Dexia,а італьянец – Deutsche Bank. Ці можна абараняць грамадскае дабро, адначасова імкнучыся заўсёды падабацца замежным феадальным рэжымам ці фінансавым інстытутам, з тым разлікам, што яны могуць быць будучымі наймальнікамі? Калі ўва ўсё большай колькасці краін такая карыслівая гульня па чарзе датычыцца абедзьвюх галоўных партый, яны робяцца для народа тым, што пісьменнік Аптан Сінклер (Upton Sinclair) называў «двума крыламі адной і той жа драпежнай птушкі».

Інстытут «Дэмас» вырашыў ацаніць наступствы блізкасці чальцоў урада і эканамічнай алігархіі. Такім чынам, два месяцы таму ён апублікаваў даследаванне, якое падрабязна апісвае, «як панаванне ў палітыцы багатых і бізнес-колаў запавольвае сацыяльную мабільнасць у Амерыцы xvii». Адказ: у сферы эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, працоўнага права, набольш заможныя грамадзяне ўзгоднена выбіраюць прыярытэты, што значна адрозніваюцца ад прыярытэтаў большасці іх суайчыннікаў. Але яны валодаюць надзвычай магутнымі сродкамі, каб рэалізаваць свае памкненні.

Гэтак, у той час як 78% амерыканцаў лічаць, што мінімальная заработная плата павінна індэксавацца ў адпаведнасці з коштам жыцця і быць дастатковай, каб яе атрымальнік не трапляў за рысу беднасці,толькі 40% найбольш заможных падаткаплацельшчыкаў падзяляюць гэтую думку. Яны таксама куды меньш прыхільна ставяцца да прафсаюзаў і законаў, што маглі б спрыяць дзейнасці апошніх. Большасць, у сваю чаргу, хацела б, каб капітал абкладаўся гэтак жа, як і праца. І надае нашмат большую значнасць барацьбе з беспрацоўем (33%), чым барацьбе з бюджэтным дэфіцытам (15%).

Вынік гэтай розніцы ў поглядах? Мінімальная зарплата згубіла 30% сваёй вартасці пачынаючы з 1968 года; аніякі закон (насуперак абяцанню кандыдата Барака Абамы) не аблегчыў паласу перашкод, якой з’яўляецца працэдура стварэння прафсаюза на прадпрыемстве; капітал абкладаецца ў два разы меншым падаткам, чым праца (20% супраць 39,6%). Нарэшце, Кангрэс і Белы Дом зараз спаборнічаюць на ніве бюджэтных скарачэнняў, у краіне, дзе доля занятага актыўнага насельніцтва нядаўна дасягнула амаль гістарычнай падлогі.

Як лепей растлумачыць, чаму багатыя накладваюць цяжкі адбітак на дзяржаву і палітычную сістэму? Яны часцей удзельнічаюць у выбарах, больш за іншых фінансуюць выбарчыя кампаніі і, галоўнае, робяць пастаянны ціск на абраннікаў і ўрадоўцаў. Узлёт няроўнасці ў ЗША шмат у чым абавязаны вельмі нізкаму ўзроўню падаткаабкладання капітала. І гэтае становішча з’яўляецца прадметам безупыннага лабіравання ў Кангрэсе, у той час як 71% яго кошту для астатніх падаткаплацельшчыкаў ідзе на карысць толькі 1% найбагацейшых амерыканцаў.

Адмаўленне ад актыўнай палітыкі забеспячэння занятасці з’яўляецца часткай таго самага класавага выбару, таксама пры падтрымцы алігархічнай сістэмы. У студзені 2013 года ўзровень беспрацоўя амерыканцаў, часта заможных, якія валодаюць ўніверсітэцкім дыпломам хаця б узроўня бакалаўра, складаў толькі 3,7%. Аднак ён дасягаў ужо 12% сярод працоўных без дыплома, куды больш бедных. Гэта тыя, чыё меркаванне мае меншую вартасць для Вашынгтона, чым меркаванне бізнес-колаў. Ці чым меркаванне Шэлдана і Мірыям Эдэльсан (Adelson), пары мільярдэраў-рэспубліканцаў, якая больш фінансавала мінулагоднія выбары, чым усе жыхары дванаццаці амерыканскіх штатаў… «У большасці выпадкаў, — робіць выснову даследаванне «Дэмаса», — прэферэнцыі пераважнай большасці насельніцтва, здаецца, не аказваюць аніякага ўплыву на абраныя ўрадам палітычныя захады».

Абмежаваны суверэнітэт і знешнія «выбаршчыкі»

«Вы жадаеце, каб я падаў у адстаўку? Калі гэта так, скажыце гэта мне!» Кіпрскі прэзідэнт Нікас Анастасіадзіс (Nicos Anastasiades), здаецца, гэтак адказаў спадарыні Крысцін Лагард (Christine Lagarde), генеральнай дырэктрысе МВФ, калі тая запатрабавала, каб ён адразу зачыніў адзін з буйнейшых банкаў вострава, значнай крыніцы працоўных месцаў і даходаўxviii. Французскі міністр Бенуа Амон (Benoît Hamon) таксама быццам бы пагаджаецца, што суверэнітэт (альбо ўплыў) яго ўраду абмежаваны, таму што «пад ціскам нямецкіх правых навязваюцца захады жорсткай эканоміі, якія паўсюль у Еўропе вядуць да росту беспрацоўяxix».

Прымаючы захады, якія ўзмацняюць цэнзітарную ўладу капітала і рэнтаатрымальнікаў, урады заўсёды выкарыстоўвалі ціск «выбаршчыкаў»-нерэзідэнтаў, нястрымную моц якіх ім дастаткова проста ўзгадаць: «тройкі», рэйтынгавых агенцтваў, фінансавых рынкаў. Дарэчы, варта толькі скончыцца якомусьці нацыянальнаму электаральнаму цырыманіялу, як Брусель, ЕЦБ і МВФ дасылаюць сваю дарожную карту новым кіраўнікам, каб тыя неадкладна адмовіліся ад таго ці іншага абяцання, дадзенага падчас перадвыбарчай кампаніі. Нават Wall Street Journal усхваляваўся гэтым у мінулым лютым: «Пасля пачатку крызіса, тры гады таму, французы, іспанцы, ірландцы, галандцы, партугальцы, грэкі, славенцы, славакі і кіпрыёты ўсе, у той ці іншай меры, прагаласавалі супраць эканамічнай мадэлі зоны еўра. Але эканамічная палітыка не змянілася пасля гэтых электаральных параз. Левыя замянілі правых, правыя зрынулі левых, правацэнтрысты нават разграмілі камуністаў (на Кіпры), але дзяржавы працягваюць скарачаць свае выдаткі і павышаць падаткі. (…) Праблема, з якой сутыкаюцца новыя ўрады, у тым, што яны павінны дзейнічаць ў рамках устаноў зоны еўра і выконваць макраэканамічныя дырэктывы, устаноўленыя Еўрапейскай камісіяй.(…) Гэта азначае, што пасля ўсяго шуму і лютасці выбараў, іх маржа для манеўраў вельмі вузкаяxx». «Складаецца ўражанне, — сумна прызнае Амон, — што палітыка левых і правых па-рознаму дазуе тыя самыя інгрэдыентыxxi».

Адзін высокапастаўлены чыноўнік Еўрапейскай камісіі прысутнічаў на сустрэчы сваіх калег і дырэкцыі французскага Казначэйства: «Гэта было фантастычна: яны вялі сябе як школьны настаўнік, што тлумачыць дрэннаму вучню, што ён павінен рабіць. Я вельмі захапляўся дырэктарам Казначэйства, які захоўваў спакойxxii». Гэтая сцэна нагадвае лёс Эфіопіі ці Інданезіі ў часы, калі кіраўнікам гэтых краін была адведзена роля выканаўцаў пакаранняў, якія МВФ прысуджаў іх краінамxxiii. Гэта тая сітуацыя, якую перажывае зараз Еўропа. У студзені 2012 года Брусельская Камісія запатрабавала ад грэчаскага ўрада ўрэзаць 2 мільярды еўра з дзяржаўнага бюджэта краіны. Цягам пяці наступных дзён і пад пагрозай штрафа.

А тым часам ніякая санкцыя не пагражае прэзідэнту Азербайджана, былому міністру фінансаў Манголіі, прэм’ер-міністру Грузіі, жонцы расійскага віцэ-прэм’ера ці сыну былога калумбійскага прэзідэнта. Усе яны аднак размясцілі частку свайго багацця – несумленна набытага ці проста скрадзенага – у падаткавых афшорах. Напрыклад, на Брытанскіх Віргінскіх астравах, дзе зарэгістравана больш прадпрыемстваў, чым жыхароў. Ці на Кайманавых астравах, якія налічваюць столькі ж спекулятыўных фондаў, колькі і Злучаныя Штаты. Нельга забывацца і пра Швейцарыю, Аўстрыю і Люксембург, у самым сэрцы Еўропы, дзякуючы якім Стары Кантынент вылучаецца грымучым кактэлем бесчалавеча жорсткай бюджэтнай палітыкі і індустрыі ўхілення ад падаткаў.

Але не ўсе скардзяцца на дзіравыя межы. Уладальнік транснацыянальнай карпарацыі па вытворчасці прадметаў класу «люкс» і дзесяты найбагацейшы чалавек планеты Бернар Арно (Bernard Arnault) нават аднойчы выказаў радасць з нагоды страты ўплыву дэмакратычнымі ўрадамі: «Прадпрыемствы, асабліва міжнародныя, маюць усё больш шырокі набор сродкаў і яны набылі, у Еўропе, здольнасць канкурыраваць з дзяржавамі. (…) Рэальны ўплыў палітыкаў на эканамічнае жыццё краіны ўсё больш абмежаваны. На шчасцеxxiv».

І наадварот, ціск, які церпяць дзяржавы, узмацняецца. Ён адначасова робіцца з боку краін-крэдытораў, ЕЦБ, МВФ, патрулёў рэйтынгавых агенцтваў, фінансавых рынкаў. Жан-П’ер Жуйе (Jean-Pierre Jouyet), дзейсны прэзідэнт французскага Дзяржаўнага інвестыцыйнага банка (BPI), два гады таму прызнаў, што ў Італіі апошнія «аказалі ціск на дэмакратычную гульню. Вось ужо трэці ўрад скідваецца па іх ініцыятыве з-за занадта высокага доўга. (…) Узлёт працэнтнай стаўкі па італьянскім доўгу быў выбарчым бюлетэнем рынкаў. (…) З часам грамадзяне ўзбунтуюцца супраць гэтай фактычнай дыктатуры».

Але «фактычная дыктатура» можа разлічваць на буйныя СМІ, каб ствараць тэмы для адцягнення ўвагі, якія спачатку затрымліваюць, а потым скажаюць калектыўныя бунты, каб персаналізаваць, а значыць дэпалітызаваць, найбольш відавочныя скандалы. Накіроўваць святло на сапраўдныя спрунжыны таго, што адбываецца, на механізмы, дзякуючы якім багацце і ўлада былі захопленыя меншасцю, якая адначасова кантралюе рынкі і дзяржавы – усё гэта патрабуе няспыннай працы па народнай адукацыі. Яна павінна нагадаць, што ўсялякі ўрад страчвае легітымнасць, калі дазваляе рост сацыяльнай няроўнасці, ухваляе абвал палітычнай дэмакратыі, пагаджаецца на ўзяцце пад апеку нацыянальнага суверэнітэту.

Кожны дзень мы бачым дэманстрацыі – у выбарчых скрынях, на вуліцах, на прадпрыемствах – , што падцвярджаюць народнае непрыняцце нелегітымных урадаў. Але, нягледзячы на маштабы крызісу, яны дагэтуль не намацалі прапановы альтэрнатывы, напалову ўпэўненыя ў тым, што іх не існуе ці што яны маюць занадта дарагую цану. Адсюль узнікненне адчайнага раздражнення. Тэрмінова неабходна знайсці яму выйсце.

Серж АЛІМІ (Serge Halimi), дырэктар Le Monde diplomatique

Пераклад: Мікалай Мялюк

З архіваў беларускага выдання Le Monde diplomatique. Арыгінал артыкула быў апублікаваны ў маі 2013 года.

i Francis Fukuyama, Le Début de l’histoire. Des origines de la politique à nos jours, Saint-Simon, Парыж, 2012.

ii La Vie, Парыж, 15 снежня 2011.

iii Lire Christoher Newfield, « La dette étudiante, une bombe à retardement », Le Monde diplomatique, верасень 2012.

iv 
Tim Mak, « Unpaid student loans top $1 trillion », 19 кастрычніка 2011, www.politico.com

v Robert Frank і Philip Cook, The Winner-Take-All-Society, Free Press, New York, 1995.

vi « Inequality, exhibit A : Walmart and the wealth of American families », Economic Policy Institute, 17 ліпеня 2012, www.epi.org

vii Guillaume Delacroix, « L’Italie de Monti, laboratoire des “mesures Attali” », Les Echos,Парыж, 6-7 красавіка 2012.

viii Чыт. « Антынародны фронт », Le Monde diplomatique, студзень 2013.

ix « India’s billionaires club », Financial Times, Londres, 17 лістапада 2012

x « Income inequality may take toll on growth, The New York Times, 16 кастрычніка 2012.

xi « Repairing the rungs on the ladder », The Economist,Лондан, 9 лютага 2013

xii Francis Fukuyama, Le Début de l’histoire, op. cit.

xiii У 2011 годзе сусветны ВУП складаў прыкладна 70 000 мільярдаў долараў. Knight Frank і Citi Private Bank, « The Wealth Report 2012 », www.thewealthreport.net

xiv Samuel Huntington, The Crisis of Democracy, New York University Press, Нью-Ёрк, 1975.

xv Luc Ferry, Le Figaro, Парыж, 7 сакавіка 2013.

xvi Anne-Sylvaine Chassany і Camilla Hall, « Nicolas Sarkozy’s road from the Elysée to private equity », Financial Times,Лондан, 28 сакавіка 2013.

xvii David Callahan і J. Mijin Cha, « Stacked deck : How the dominance of politics by the affluent & business undermines economic mobility in America », Demos. Інфармацыя ніжэй узятая з гэтага даследавання.

xviii « Le FMI et Berlin imposent leur loi à Chypre », Le Monde, 26 сакавіка 2013.

xix RMC, 10 красавіка 2013.

xx Matthew Dalton, « Europe’s institutions pose counterweight to voters’ wishes », The Wall Street Journal, 28 лютага 2013.

xxi RTL, 8 красавіка 2013.

xxii « A Bruxelles, la grande déprime des eurocrates », Libération,Парыж, 7 лютага 2013.

xxiii Чыт. Joseph Stiglitz, « La preuve par l’Ethiopie », Le Monde diplomatique, красавік 2002.

xxiv Bernard Arnault, La Passion créative. Entretiens avec Yves Messarovitch, Plon, Парыж, 2000.

Add Your Comment

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

× шесть = 12

Мы в facebook

Мы Вконтакте

Мы в facebook

Мы Вконтакте

Серж АЛІМІ. Няроўнасць супраць дэмакратыі і суверэнітэту

Mécanique 03/03/2014

By
@
backtotop