Рэвбелліт — Штрэйкбрэхер

Беларуская літаратура, на жаль, для беларускага грамадства з’яўляецца больш сімвалам, манументам, за якім вельмі спадручна хавацца, якім вельмі добра публічна ганарыцца, але пры гэтым можна зусім не думаць і не звяртаць увагу на тую спадчыну, якую гэтая літаратура нам заставіла. І няма нічога дзіўнага ў тым, калі беларускія нацыяналісты кажуць пра сталінскія рэпрэсіі — яны могуць гаварыць пра тое, што «усім камуністам буду морду біць» за… расстраляных камуністаў, палітрукоў чырвонай арміі і г.д. Чаму? Таму што аснову беларускай літаратурызаклалі аўтары з менавіта левымі поглядамі. Максім БАГДАНОВIЧ цікавіўся анархізмам, Алаіза ПАШКЕВIЧ (Цётка) была адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, Янка КУПАЛА пераклаў Інтэрнацыянал на беларускую мову, Максім ТАНК быў камуністам-палітвязнем у ІІ Рэчыпаспалітай і г.д. і г.д. 

І што цікава, шматлікія творы гэтых аўтараў досыць актуальныя. І LEFT.by будзе публікаваць іх час ад часу.

Першым у гэтай серыі будзе апавяданне «Штрэйкбрэхер» Цішкі ГАРТНАГА (сапр. імя — Зміцер ЖЫЛУНОВIЧ, беларускі пісьменнік, паэт, старшыня Часовага Рабоча-Сялянскага Ураду Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь). Тэма гэтага апавядання — лёс рабочага падчас забастоўкі, яго адносіны з сям’ёй і таварышамі ва ўмовах, калі забастоўка зацягваецца.

* Штрэйкбрэхер — той, хто нарушае таварыскую пастанову баставаць і, наперакор таварышам, ідзе працаваць. (Заўв. аўт.)

Рабочыя перад пераходам на новы завод (1910 г.)

________

Цішка ГАРТНЫ

ШТРЭЙКБРЕХЭР

I

— Анупрэй, га, Анупрэй, уставай! Уставай, ужо абед хутка. Валяецца ў пасцелі цэлымі днямі і нібыта той! Без клопату, бяздумна. Уставай, уставай! Можна ўжо дагэтуль вылежацца! Нябось — лёг учора звечара і праз усенькую ноч праляжаў. Анупрэй, га, Анупрэй, ці чуеш ты? Уставай — ды пойдзеш праведаеш, як парашылі там…

Луцэя злосна паківала галавою, уздыхнула і паглядзела ў акно. Пасля зноў абярнулася да гаспадара і пачала яго катурхаць, прыгаворваючы:

— Ці чуеш ты, ці не, Анупрэй? Разаспаўся вельмі! Нагараваўся задужа, небарака… Гуляеш, бач, другі тыдзень, дык можна выспацца ўволю. Людзі вунь калі ўжо на поле пайшлі, а гэта… Эх, няшчасная я!..

Луцэя зноў адхілілася ад полу і скрывіла жаласлівую міну.

А Анупрэй, чуючы праз сон прычытанне жонкі, знарок нічога не адказваў ёй, толькі хвілінамі расплюшчваў вочы і балюча пакрэктваў.

— Бок адлежаў, небарака. Устава-ай! — са злосцю пракрычала Луцэя над самым вухам мужа.

Анупрэй і на гэта нічога не адказаў, а, нібы наперакор, адвярнуўся да сцяны і маўчаў.

— Ды ўстанеш ты сёння ці мо ўжо да вечара будзеш тухнуць? — папракнула ўголас Луцэя.

— Ну чаго ты прыстала да мяне сённека? — не выцерпеў нарэшце Анупрэй, паднімаючыся з падушкі. — Чаго цябе ліха здрочыць, чаго? Кожны дзень гаўкае безупынку. Не падабаецца, што я гуляю? Хацела б, каб несціханна працаваў, — ведаю! Не, галубка, па-твойму не будзе…

Луцэя ажно збляднела ад злосці: ёй нямерна стала крыўдна на мужа за яго агрызанне на яе справядлівыя словы.

Вось ужо хутка два тыдні міне, як у іх хаце цягнуцца спрэчкі і сваркі. Два тыдні, як у хаце згінуў сямейны лад і спакой. А хто і што таму віною? Луцэя колькі разоў запэўняла мужа, што яна не злуе на яго і не вініць яго за ўдзел у забастоўцы; яна запэўняла Анупрэя, што ёй вядома ўсё, як і што павінна весціся змаганне з гаспадарамі за паляпшэнне становішча працаўнікоў. Яна добра ведала, што будзе шмат лепш і ёй тады, калі разам з другімі яе Анупрэй будзе менш працаваць, а больш зарабляць. Ведала ўсё гэта Луцэя і памятала, толькі ўжо занадта цяжка складалася іх жыццё: недастаткі ў хаце, якія прыйшлі з забастоўкаю, саматугам застаўлялі яе забываць усё і абурвацца на Анупрэя з упікамі і са злосцю. Калі муж працаваў — стачалі канцы з канцамі і жылі, а цяпер так туга! Луцэі думалася, што мужу самому заўважна хатняе становішча, але ён без моцы, каб памагчы, тады яна спусціла тон і пачала разважаць спакойлівей.

— Анупрэйка, ну ты ж сам толькі, здароў, падумай, як жа мы будзем жыць далей? Запасаў жа ў нас ніякіх няма, ты сам добра ведаеш, — не назбіралі — не з нашых заработкаў іх збіраць. А есці, нябось, штодня трэба. Ні Стэпка, ні Сцёпка не пытаюць, ёсцека яда ці не, а ім давай. Чыя ж галава баліць? Толькі мая, бо найперш яны кідаюцца да мяне: «Мама, дай хлеба, мама, дай к хлебу!» Дзе хочаш бяры, а адказаць — не адкажаш дзецям. Дый самі духам святым не пражывём. А цэлых жа два тыдні ні капейкі ў хату не прыбавілася… як жа не крычаць, як не ўзлавацца часамі?

— Але ж не ачамераю лезці ў вочы, — паднімаў голас Анупрэй, — каб добра ды ціха, дык яно зусім іначай, а то ўвесь час тое і робіш, што точыш мяне несупынна. Кажаш, усё добра ведаеш, а, нябось, тычаш пальцам. А ласне тут я вінаваты? Разыгралася забастоўка і захапіла ў сваё кола і мяне. Трыццаць чалавек разам — не папрэш супроціў. Як змагацца, дык усім разам. Хто ідзе супроціў — той здраднік… і ты, пэўна, не ведаеш, што з гэткімі бывае.

Анупрэй злез з полу, пацягнуўся некалькі разоў, апрануўся ў стары, будзённы, увесь зашмальцованы дзёгцем гарнітур і, не думаючы ўмывацца, з брудным вуграстым тварам, з тлустымі ад шмальцу рукамі падышоў да акна і ўтаропіўся поглядам на вуліцу. Да жонкі не казаў нічога.

Гэта скрыўдзіла Луцэю, і яна адышлася да запечку. Але доўга не магла стаяць спакойліва і, паглядзеўшы ў бок мужа, загаварыла:

— Бастуюць! Добра ім баставаць! Нежанатыя, а многія і хлеб свой маюць. Якаво ім адходзіць — хоць бы Міколу Капачу, ці Антосю Скубу, ці Андрэю Гляку? Гэта ж усё гаспадарскія сынкі, якім не страшна і месяц цэлы прабаставаць. Ці ж табе зраўняцца з імі! У цябе вось цэлая сям’я на руках, а для яе зараз і крошкі хлеба-а не будзе. Вазьмі ты гэта ўцям!

Анупрэя гэта зноў раздражніла.

— Кінь балабоніць ліха ведае што, — перабіў ён жонку, адвярнуўшыся на хату, — вось калі ваб’е сабе ў голаў, дык і дыхнуць не дае… Няўжо ты зразумець не можаш, што… Ужо ж не раз, здаецца, казаў я табе, што тут справа не аднаго мая, а агульная, хаўрусная, таварыская справа. Вось яна і вымушае кожнага трымацца ўсім разам. Тут, галубка, зусім не гадзіцца твая дзяльба на жанатых і нежанатых або на гаспадароў і беззямельных. Перад абіраннем і здзекамі гаспадароў — усе работнікі мусяць быць роўнымі. Мусіць быць еднасць між імі.

— Добра, еднасць! Я ж сваё кажу, ці магчыма табе з Мікалаем раўняцца? Сам, нябось, адчуваеш, што не. Вось калі ўсе так налягаеце на еднасць, дык хай бы адзін другога і падтрымоўвалі. Дык гэтага штосьці не відаць.

Анупрэй моўчкі адышоў ад акна і прысеў на ўслоне. Спрачацца больш з жонкаю яму не хацелася, бо ён добра ведаў, што гэтым спрэчкам не будзе канца да таго часу, пакуль ён нанова не пачне ўспорвацца з цёмнага і спяшыць, часта не снедаўшы, у майстэрню. Пераканаць жа жонку ў патрэбнасці агулам, усім разам, падтрымліваць забастоўку, каб выйграць яе і палепшыць умовы працы, — Анупрэй не мог: ён ведаў, што гэта пытанне разбіваецца аб іх сямейнае становішча.

Анупрэй бачыў, што гутарка жонкі не блазная баўтаўня, што яе рыхтуюць тыя цяжкія ўмовы, у якія ўпіхнула яго і яго сям’ю двухтыднёвая забастоўка. Штораз, хоць і злаваўшыя Анупрэя, размовы жонкі рабіліся больш балючымі і бліжэй краталі яго бацькава і гаспадарова сэрца.

Вось, прысеўшы на ўслоне, Анупрэй міжвольна паддаўся роздуму над сваім становішчам: «Праўда, яно-та мне зусім цяжка пераносіць гэту забастоўку. Дужа цяжка. І я ведаю, што гэты цяжар гняце і Луцэю. Але ж што зрабіць? Нельга ж ісці супроць усіх — нічога не выйдзе, трэ як-кольвечы канца чакаць…» Анупрэй кінуў вачыма на жонку: «А які яшчэ канец будзе, таксама пытанне? Можа, прабастуем яшчэ тыдзень-другі ці больш і нічога не выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася: баставалі-баставалі — а пасля на старых умовах назад да работы… Чаго добрага, і цяпер можа так быць… Вось тады будзе-э!..»

Анупрэй падняўся з услона і пачаў тупаць па хаце.

Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і незмігутна сачыла поглядам у адну кропку на вулічнай сцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.

Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажыванні. Нарэшце не вытрываў і пачаў казаць:

— Слухай, Луцэя, усё-такі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошай — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы… Але ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень сем рублёў. Падумай толькі — чуць не ў два разы болей, ніж цяпер… Усё зможам спагнаць за адзін месяц… Трэба дацярпець… Бачыш, я ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама не ў лепшых умовах.

Луцэя падняла голаў і паглядзела на мужа. Перад ёю прамігнула яскраваю палоскаю надзея; змякла сэрца, і свяжысты подых прайшоў яе нутром.

— А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.

— Пэўна, сёння вечарам… а мо заўтра, — адказаў Анупрэй.

Луцэя яшчэ больш прасвятлела.

— Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.

Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк не верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.

— І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.

— Не хлушу, Анупрэйка.

Нічога не кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жакету і павярнуў да дзвярэй.

— Куды ж ты? — спыніла яго Луцэя.

— Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.

— Пастой! Я надумалася зрабіць вось што: ці ты з Лейбам не сварыўся, як пакідаў работу?

Анупрэй задумана памаўчаў.

— Не. Чаму?

— Як не, дык, па-мойму, пайшоў бы да яго і пазычыў бы якіх рублёў з пяць. Мне здаецца, што табе ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца на работу да яго, так ці сяк. А з Мэндалем… хопіць і таго разу: успомні, як ачамярэў ён нам тады… Слухай, Анупрэй, сапраўды, пайдзі лепш да Лейбы і… вось хай толькі змеркне крыху. Надоечы дык ён сам, спаткаўшыся, напрошваўся ў мяне: «Хай прыйдзе, кажа, Анупрэй да мяне, і я яму грошай дам, а то мо ў вас іх няма». Пайдзі да Лейбы, пайдзі. Паслухай мяне.

Анупрэй пастаяў крыху моўчкі, пасля адказаў:

— Падумаю, ведаеш… Вельмі ж ніякавата будзе, як таварышы праведаюць аб гэтым.

— Чаго ніякавата? У першых, хто ж дазнаецца, калі ты ціха зробіш, а другое, калі і даведаюцца — то што? Няўжо ж з голаду ўміраць? Нябось, ніхто не прынясе з сваіх, каб падтрымаць… Нечага баяцца.

— Можна будзе ўзяць рублёў два з камітэта… Я думаю, што ёсць там крыху грошай.

— Ёсць-ёсць… Дык чаму ж дасюль не дагадаўся ўзяць? Сарамяжы вельмі. Вось глядзі, каб і камітэта раней цябе не абабралі.

Анупрэй нічога не адказаў і моўчкі выйшаў з хаты.

II

Праз колькі хвілін пасля выхаду Анупрэя ў хату ўбег Сцёпка — старэйшы хлопчык Анупрэя і Луцэі, гадкоў васьмі-дзевяці, бледненькі, замораны, запэцканы ў гразь і ў парваным адзенні.

— Мама, — звярнуўся ён да Луцэі, — куды ж то наш татка пайшоў? Дазволь мне за ім пайсці, дазволь, мамачка?

Луцэя ў злосці агрызнулася на сынка:

— Чаго табе за бацькам? Я табе пакажу, распуснік! Сядзі вось у хаце.

Сцёпка паслушна схіліў галоўку, закапыліў губкі і, усадзіўшы ў рот пальчык, ціхутка стаў каля стала, спадлоб’я пазіраючы на мацеру.

— То дайце мне хлеба лустачку на вуліцу, — асмеліўся ён вымавіць, спусціўшы з паўгадзіны.

— Хлеба! Хлеба! Розак табе, а не хлеба! Яшчэ што ўшалопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расцягалі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто не прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.

Сцёпка скрывіўся і заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя слёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў акно. Але няўвага мацеры крыўдзіла Сцёпку, і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сцярпела, адхілілася ад акна і закрычала на сынка:

— Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сціхні, кажу табе! Маўчы!

Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падысці да Сцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзверы яе перапыніў. Луцэя адвярнулася да дзвярэй.

— Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб, і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.

— Ах на іх усяліхое! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.

Не зважаючы на воражнасць з боку мацеры, дзяўчынка яшчэ раз пераказала просьбу і пачала чакаць ад мацеры хлеба.

— Атруты вам, на вас проглая, а не хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.

Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.

— Чаму ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сцёпка мацеру.

— Мне хлеба мамка ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.

— Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала: — Ідзіце вось гуляйце! Чаго вы таўчацеся ў хаце ў пагоду? Марш вон!

Янка, смеючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзвярыма. Сцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў акно.

Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з акна, прайшла колькі разоў па хаце, пасля прысела каля стала і пачала ўголас думаць: «Не, усё ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых, дык, як пурэчачкі, ружовыя. А гэта — заморышы… А ўсё ж ад таго, што вось гэткія сцэны. На добры лад, то гэта б трэ было ім і малака, і мяса, і яшчэ сякіх-такіх лагод, але — адкуль узяць? Зарабляў вось рублёў па чатыры ў тыдзень, то ці ж магло старчыць іх на ўсё-ўсёнькае для чатырох душ сям’і? Свайго ж ні каліва, ні кастрычынкі няма… Усё ж пражывалася сяк-так, працягалася з дня на дзень. І мо б цягнулася так далей, каб яно аднакава роўна ішло, а то — час ад часу, глядзіш, і перабой, і перабой: то няма работы, то захварэе, то яшчэ якая-кольвечы прымха. А плаціць — ніхто не плаціць. Хай жа бы ўлічаў гэта — дык не. Баставаць! Добра вельмі, што не трэба рабіць… Чалавек не заглядае ўперад, не рупіцца… Каб меў жаласць да сям’і, не пільнаваўся б так шчыра ўсякіх там пастаноў. Добра таму гэта рабіць, хто мае з чым і як вывернуцца, або хто вольны, не звязаны сям’ёю… Ох, бяда, бяда! Цяжка мне жыць!..»

Ад натужных думак Луцэя стамілася і, бязвольна апусціўшыся на стол, задрамала.

Дзеці цішком панырпалілі ў мыцельніку і пад прыпечкам, пакруціліся каля стала і без нічога выйшлі на вуліцу.

III

Луцэя спакойна спала.

Праз паўгадзіны, не болей, яе разбудзіў стук у дзверы. Луцэя хутка ўсхапілася, працерла вочы і прыгатовілася стрэціць, хто ўвойдзе ў хату. «Пэўна, Анупрэй», — парашыла яна, не дачакаўшыся, і нездавальняюча адвярнулася ад дзвярэй.

Услед гэтаму прачыніліся дзверы, і Анупрэй увайшоў у хату.

— Дзе ты цягаешся несупынна? — упічліва запытала Луцэя.

Анупрэя хапіла за сэрца, і ён перш сурова паглядзеў на жонку, крутнуў нездаволена галавою і прайшоў к вулічнаму акну, пасля павярнуўся да яе і сказаў:

— Ці ты звар’яцела? Сама пасылала… — вырачыўся ён і зразу ж перамяніў тон. — Я да гаспадара заходзіў… Грошы прасіў пазычыць у лік будучае працы… Я сам бачу, што нельга далей так быць… Што ж, няхай прабачаюць таварышы. Я не самахоць…

— То ці ж бачыў хто? — з надышоўшай палёгкай на сэрца запытала Луцэя і прысела супроціў мужа. Той апусціў пагляд і спагадліва адказаў:

— Бачылі… Вядома што бачылі… Каб і не бачылі, то дазналіся б. Ласне захаваешся?.. Ахрэмава жонка бачыла…

— Як ты ішоў ці як выходзіў?

— Як выходзіў… Што ж, усё роўна… Я ўжо гэтым запляміў сябе… Прадаў таварыскасць і справу…

— Ну, а што ж Лейба? Даў табе грошы ці не? — пераняла Луцэя, каб ведаць, як ацаніць мужаў паступак.

— Даў дзесяць рублёў… дзесяць срэбранікаў, нібы…

Анупрэй не мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце.

— Кінь ты плявузгаць ліха ведае што, — расцяжна заўважыла Луцэя. — Што ты прадаў? Наадварот, ты выратаваў трое душ ад голаду. Не дастаў бы грошы — заўтра сядзелі б без крошкі хлеба. Бедныя дзеці і сёння ўжо амаль нічога не елі. Ды калі пазычыў, то ці ж гэта значыць, што і прадаў? Гэта ж не на работу пайшоў… Пакінь лепш дратаваць сябе…

Анупрэй нейкі час памаўчаў.

— Маўчы лепш, Луцэя, калі не разбіраешся ні ў чым. Забастоўка — гэта вайна… А ў вайну нельга аднаму супроціў усіх весці перамовы з ворагам. Гэта ёсць здрада… Глядзі, два тыдні ідзе змаганне, і гэтыя паганцы гаспадары не здаюцца. Думаюць прымусіць нас пайсці на міравую. Хітрыкамі, зморам, забавамі — думаюць… Не паддавацца, трымацца як мага — вось чым можна перамагчы… А я… бачыш…

Анупрэй міжвольна скочыў к акну, за якім вуліцаю прайшло двое мужчын: яму паказалася, нібы то ідуць да яго Мікола Капач і Антось Скуба…

— Я штрэйкбрэхерам цяпер лічуся… Першым пайшоў за гаспадарскай ласкаю, — дадаў Анупрэй, як бы хочучы пакараць сябе за заход да Лейбы.

— За гэта? Не разумею цябе, Анупрэй.

— Кінь… Бяры лепш павячэраем, што ёсць. Заві дзяцей.

Луцэя самапэўнасцю пайшла ў мыцельнік і стала ўвіхацца каля начыння. Анупрэй задуменна прачыніў акно і пазваў дзяцей.

Хутка ўсёю сям’ёю ўселіся за стол, нагнуўшыся над міскай варанае крапівы.

А тым часам у хаце цямнела.

IV

Праз усю ноч Анупрэй не мог супакоіцца і заснуць як след. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая дрыготка — і сон прападаў. Чарадою віліся чорныя думкі-сумненні, і натужна працавалі мазгі над пытаннем, як жа абыдзецца яго праступак?

Анупрэй і находзіў і не находзіў сабе апраўданні. Пасудзіць з боку галавы сям’і, з боку бацькі — то ён зусім не здрадзіў. Луцэя — як шчырая маці-гаспадыня — была права. Але з погляду таварыскасці — зусім няма апраўдання. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік перад таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Раз-адразу адзнанне свае віны ён адчуваў усё больш і прыкрэй, раз-адразу яе здань выразней насоўвалася на яго.

Хацелася скарэй ведаць, чым усё гэта скончыцца.

Маляваліся розныя скуткі, якія дасць вырашэнне пытання. І ўжо зараней ні ў адным з іх не бачыў Анупрэй сябе правым. Яму здавалася, лежачы, нібы хтось побач яго сцеражэ. Шамаў вецер за сцяною, шоргала мыш у запечку, скрыпеў шашаль у шалёўках акон, а паказвалася, што хтосьці гаворыць пра яго справу. Анупрэй паднімаў голаў і кідаў вачыма ў шэры змрок хаты, прыслухоўваючыся, ці спіць Луцэя з дзецьмі.

Тыя спакойліва храплі. І Анупрэй міжвольна кратаўся думкамі аб сям’і. «Луцэя здаволена, што я ёй прынёс дзесяць рублёў, — перабіраў ён у думках. — Ды сапраўды, якое ёй дзела да ўсякіх там салідарнасцей і іншае, калі ў хаце ні капейкі грошай ці скарынкі хлеба. Двое дзетак сапраўды абадраных, бледных, ці ж замарыць іх голадам? Дзеці».

Толькі чапала гэта слова Анупрэя, як ён хапаўся за іх, загладжваючы свой неспакой і сваю трывогу.

Анупрэй ужо на світанні спыніўся на гэткім плане адказу таварышам, калі тыя паставяць аб ім пытанне рубам: «Я ратаваў сям’ю». Няўжо ж такі і гэта іх не ўрэзоніць?

І вось назаўтра, з самага рання, калі жонка пайшла на рынак, Анупрэй неспакойліва пазіраў у акно, чакаючы каго-кольвечы да сябе. Ніводнага прахожага не прапускаў, каб не агледзець. Брала падазронасць, каб на рынку, чаго добрага, не прагаварылася каму Луцэя. Ён верыў у яе стрыманасць, але штось падточвала гэту веру. Хацелася, каб Луцэя хутчэй вярнулася дамоў. А мо хто што казаў пра яго ды яна чула? Расказала б мне.

Анупрэй прачыніў акно, каб паглядзець, ці не ідзе часамі Луцэя. Паглядзеў управа — няма. Штось падштурхнула павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалёчка, хат праз дзве, ішоў Ахрэм Клін. Не трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка не змоўчала, бо гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць… Чаго не было — дададуць… У людзей языкі свярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.

Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з акна, зачыніў яго на кручок і адышоў на хату.

Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба ж апраўдацца! Ды на гэта ёсць важкія прычыны.

Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў погляд, праведзены спадлоб’я, сур’ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысмірэлі і захуталіся ў акрывала.

Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манеўру і спагадліва ўсміхнуўся. «Бедныя дзеткі, усё з-за вас», — прапусціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, ён накідаў рысы наступнай гутаркі…

Так і так. Ці ж ёсць праступак?

Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі, віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.

— Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — пацікавіўся Ахрэм.

— Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.

— А вось я зайшоў, каб табе…

Анупрэй перабіў таварыша, не даўшы таму дасказаць:

— Я ведаю, дзеля чаго ты прыйшоў… Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але слухай, братка, я іначай не мог. Не мог, даю табе таварыскае слова… Вось дзеці, — Анупрэй паказаў пальцам на пол, — так прыперла, што без хлеба, без… і хапіла за горла пытанне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсці на папрошную… Мучыла, паверыш, адзнанне віны перад агульнай справай, але…

Ахрэм паслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаянне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:

— Я сазнаю ўсё… Ласне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць… Я ўчора казаў сваёй жонцы: маўчы, тут не злачынства і не здрада, а вымус жыцця…

Анупрэй павесялеў, крыху сцешыўся і задаволена дадаў:

— Я і ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку… Ёсць жа ўсякія людзі!..

— Я не веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе… Ды ніхто і ведаць не павінен… Я вось і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым… Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было б дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю… А ў цябе, здаецца, была пілка…

— Так, ёсць недзе… я выскачу ў сенцы…

Анупрэй намерыўся ісці, але знадворку стукнулі дзверы, і ён спыніўся.

Пачакаў; у хату ўвайшла Луцэя.

— Дзень добры! — прывіталася з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі погляд.

— Адкуль так рана? — запытаў Ахрэм.

— На места бегала… Хлеба не было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя. І, спусціўшы хвілінку, дадала: — Але, здаецца, рана, а людзі ўжо паспелі даняць.

Мужчыны насцярожана паглядзелі ў бок Луцэі.

— У чым справа? — разам запыталі.

— Усё ў тваім паступку… штрэйкбрэхерам завуць. Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха… Абодва з пенаю ў роце накінуліся на мяне…

Анупрэй збялеў не то ад сполаху, не то ад злосці і, як бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма.

— Чуеш, брат?

Ахрэму стала няёмка: Анупрэевы словы адначасова былі і глыбокім укорам яму за павядзенне яго жонкі.

— То, пэўна, яна паспела распусціць чуткі па мястэчку.

Ахрэм пачырванеў ад няёмкасці. І, каб выйсці з гэтага становішча, рашуча падняўся з месца, матнуў рукою і чуць не крыкам выказаў:

— Яна не павінна была казаць! Я ўчора ёй рашуча забараніў. То чортведама што! Брахунцы! Самі маюць усё бацькава, а лаюцца.

Прайшоў сюды-туды па хаце, паглядзеў у акно і адвярнуўся да Луцэі.

— Не думай! — уважліва загаварыў да яе. — Не думай, суседка, што то знарок… Я запэўняю сябе, што непаздаровіцца жонцы, калі то яна разбрахала.

Луцэя адвярнулася на Ахрэма, змякчыла суровасць выгляду і адказала:

— Ахрэмка, братка, ты сам ведаеш, як балюча гэта слухаць… То ж крый чаго, пойдуць супроціў яго, што ён рабіцьме? Віна ўся мая, бо я Анупрэя выправіла да гаспадара за грашыма… Ён сам нізашто не хацеў… Не карайце ж за мяне дзяцей…

Анупрэй маўчліва стаяў на адным месцы, сочачы за Ахрэмам.

А слова «штрэйкбрэхер», як малатком, стукала яму па галаве, разліваючы ўнутры балючую трывогу.

1918

Add Your Comment

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

6 − = два

Мы в facebook

Мы Вконтакте

Мы в facebook

Мы Вконтакте

Рэвбелліт — Штрэйкбрэхер

Gartny 22/01/2016

By
@
backtotop